Напярэдадні Дня Незалежнасці работнікі Беларускага металургічнага завода сустракалі музей-бус «Кветкі Вялікай Перамогі». Стартаваўшы 7 траўня, гэты рэспубліканскі патрыятычны праект ахапіў усе абласныя цэнтры і буйныя гарады Беларусі. Жлобін у карце маршруту значыўся першым у паездцы на Гомельшчыну.
Апоўдні 28 чэрвеня каля будынка заводакіраўніцтва № 2 панавала незвычайнае ажыўленне. Гукі музыкі, якія разносіліся над інжынерным корпусам, прыцягвалі ўвагу прахожых, падахвочвалі супрацоўнікаў вызірнуць у насцеж адчыненыя вокны. «Прыехалі! Прыехалі!», – Дзесяткі завадчан спяшаліся на сустрэчу з агітбрыгадай музея на колах.
Са славянскай гасціннасцю, хлебам-соллю віталі жыхары Жлобіна удзельнікаў акцыі. Прыемным сюрпрызам для гасцей стаў міні-канцэрт, арганізаваны артыстамі Палаца культуры металургаў, пасля якога дзверы музея былі адкрыты для наведвання на працягу некалькіх гадзін.
– Мэта гэтага праекта – кансалідацыя намаганняў грамадскіх аб’яднанняў рэспублікі, накіраваных на вывучэнне гісторыі беларускага народа, – кажа сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Вікторыя Меннанова. – Для нас сёння вельмі важна даць магчымасць маладому пакаленню даведацца, якім чынам была здабыта Вялікая Перамога, дакрануцца да гісторыі свайго роду. Так, наша музейная экспазіцыя ўяўляе сабой дзве залы: «Беларусь мірная» і «Беларусь ваенная». Першая зала прадстаўлена экспанатамі, якія дэманструюць культуру, традыцыі, самабытнасць беларускага народа, другая – экспанатамі часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Характэрна, што ўсе экспанаты вандроўнага музея можна было пакратаць, прымерыць і сфатаграфаваць. Металургі такую магчымасць, вядома ж, не выпусцілі. А пакуль адны слухалі экскурсаводаў і разглядалі ўнутранае ўтрыманне музея на колах, другія ў гэты час частаваліся «салдацкай кашай».